Русская классическая поэзия

Вэроніка

Русская классика О любвиПоэмы
Настройка шрифта
Размер
19
От 14 до 30 пикселей
Шрифт

Вэроніка.
(Вершаванае апаведаньне).
„E un pensier del mio capo“
(Яна-выдумка маей галавы).
Джіованьні.
Я на душы васковай маю
Жыцьця мінулаго печаць: -
Схачу свой вольны верш пачаць, -
І ўраз пра прошлае згадаю;
У даль вядуць мяне сьляды
Да вас, дзіцячые гады.
Ўстае перад маім паглядам
І вулка, веючая сном,
І ціхі, старасьвецкі дом
С цяністым, адзічэлым садам:
Над ім шпакоўніца ў гары,
А ўкруг схіліўся тын стары.
Дом гэты да паноў Забеллаў,
Суседзяў нашых, належаў;
Я змалку там што дзень гуляў,
З дзяцьмі іх лез на дахі сьмела,
Рваў яблыкі, рабіў садом
І крыкам поўніў цэлы дом.
Вясёла йшлі гулянкі нашы:
Пад шум і гук размах рукі
Ўраз „браў на вынас“ гарадкі,
Быў чутны сьмех пры відзе „кашы“,
І кожны стрымываў свой плач,
Калі ўрэзаўся ў плечы мяч.
А вечарком мы выпускалі
Ў паветрэ белых галубоў:
Зрабіўшы неколькі кругоў
У вышыню яны шыбалі,
Як чысты сьнег кружылі там
І падалі на дахі к нам.
І змалку шчыра палюбіла
Хавацца ў сад стары яна,
Дзе веяло дыханьне сна
І цішына ў паветры плыла,
І нерухомы быў, спакой
Маўляў у глыбіне марской.
Не калыхнуцца лісьцяў хвалі
Ўспляснуўшы пенаю цьвятоў
Паверх чарэшневых кустоў;
Кіпіць шум места дзесь там далі,
А тут і глуха і цямно, -
Не зварухне марское дно.
І забывала Вэроніка
Між зёлак с кніжкай аба ўсём,
А ўзгляне,-сад кіпіць жыцьцём,
Над ёю куст шыпшыны дзікай,
Бруяе блізка сонны шмель
І горка пахне тонкі хмель.
Калі-ж сачыўся бледнаваты
Зор сініх сьвет праз небасхіл
І уплетаўся вулак пыл, -
Мы ўсе пеялі каля хаты,
І напаўняў нягучны хор
Маркотнай песьняй сціхшы двор.
Так у гулянках пралетала
Маё дзіцячае жыцьцё,
А поруч ціхае дзіцё
Дачка Забеллаў узрастала.
Яе я мала знаў: яна
Ўсягды была сама, адна.
Жылося цяжка Вэроніцы
(Хай так дзяўчыну будзем зваць):
Яе памерла рана маць
І не было саўсім сястрыцы
А бацька сэрцэ хоць і меў
Ды прытуліць яе ня ўмеў.
Ізноў страніца за страніцай
Раскрытай кнігі шэлясьціць
Нячутна час кудысь бяжыць,
Раяцца думкі Вэронікі
Усё расьце душа яе
І ў паўнаце красы ўстае.
Калі-ж васенные навіны
Зьменялі сад, калі з бяроз
Рваў лісьця вецер, а мароз,
Наліўшы ягады рабіны,
Траву губіў, і мы нагой
Ўзрывалі прэлых лісьцяў слой.
Калі патроху чырванелі
Чаромха, ліпа, стройны клён,
А гнёзды змрочные варон
Між голаго гальля чарнелі,
І грозны вечэра пажар
Пылаў між бура-шызых хмар;
Калі васенны вецер дзіка
Стагнаў і глуха па начах
Грымеў у наш жалезны дах,-
Тады да лета Вэроніка
Ад нас знікала у інстытут
І не будзіла згадак тут.
А час усё каціўся далі
Хаваючы на дне гадоў
І гарадкі і галубоў,
Мы панямногу падрасталі
А іншы ўжо шчыпаў вусы
І лічыў іх гарой красы.
І толькі ўжо тады я ўгледзіў
Што поруч, як цьвяток лясны,
Узрасла ў красе сваей вясны
Дачка самотная суседзяў
І, помню я,-тады жэ ўперш
З маей душы паліўся верш.
Ен там кіпеў струёй жывою
Праз холад мысьлі працекаў
І ў цьвёрдых формах застываў,
Як воск гарачы пад вадою,
Каторым трэба вам гадаць
Аб чым той вершык меў казаць.
Я ж сам скажу йшчэ тое толькі
Што к Вэроніцы твор паслаў
І млеў, і ўсё адказ чэкаў.
Аж вось прайшло маруды колькі
Трывожных дзён, а ўсё німа
Ні Вэронікі, ні пісьма.
Калі-ж я неяк з ёй спаткаўся
Загаварыўшы, як у сьне,-
Яна зірнула на мяне
І раптам з вуст яе сарваўся
Такі бязвінны, чысты сьмех,
Што на яго злавацца,-грэх.
Сьмех гэткі маюць толькі дзеці
Ды людзі з яснаю душой;
І ён, як жаваронак той,
Зьвінеў і ўжо каханьня сеці
Нячутна нішчыў, як ураз
Сарваўся, дрогнуў і пагас.
Накрыла ясны твар дзявочы
Задумы сумная імгла,
На плечы ручка мне легла,
Спагадліва зірнулі вочы
І даляцеў к маім вушам
Ласкавы шэпт: „Мо прыкра вам?“
Не, зорка, мне было ня прыкра,
Бо бачыла адно душа, -
Як ты сьвежа і хараша,
Як рада ты жыцьцю нявольна
Уся пад срэбнаю расой
Са ўстужкай скромнай між касой.
І мела дзеўчэ выгляд маці
Калі тады ка мне яна,
Трывожнай ласкаю паўна,
Схілілася як да дзіцяці
Зіяючы перэдамной
У новай пекнасьці жывой:
У тэй, што з постацьцю дзяўчыны
Зьлівала мацеры чэрты.
О, як прыгожы-дзіўны ты
Двайной красы аблік ядыны!
Ажыў у ім твой вечны цэль,
Мадонн тварыцель, Рафаэль!
І прэд высокаю красою,
Увесь зачараваны ёй,
Скланіўся я душой маёй
Натхненнай, радаснай такою,
А ў сэрцы хораша было, -
Там запалілося цяпло.
Дасюль ешчэ яно пылае;
Здаецца-ўмёрло, але ўраз
Праб’ецца зноў і пройшлы час
Прад ім у згадках праступае,
Як пры агню чы цеплаце.
І конь крылаты да Парнаса
Мой дух імчыць тады, каб я
Былое апеваў пасьля.
Ды як знайсьці сьляды Пэгаса
На бруку места? Цяжка ўперш!
Спачынь жэ трохі, верны верш!

Есть видео или песня на эти стихи? Добавьте ссылку

Войдите, чтобы добавить ссылку на видео или песню.

Обсуждение

Комментарии

0

Комментариев пока нет. Будьте первым.